Скачать

Наватарскі характар сучаснай беларускай літаратуры


Наватарскі характар сучаснай беларускай літаратуры


ЗМЕСТ

1. Наватарскі характар сучаснай беларускай літаратуры

1.1 Парабалічная плынь у сучаснай беларускай літаратуры

1.1.1 Пашырэнне прытчавасці ў сучаснай літаратуры

1.1.2 Размежаванне парабалы і прытчы

1.2 Творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сучасных мастацкіх канцэпцый

1.2.1 Алесь Разанаў як прадстаўнік інтэлектуальна-метафiзiчнай плыні ў беларускай літаратуры

1.2.2 Шматграннасць таленту Алеся Разанава

1.3 Наватарскі характар беларускай літаратуры

1.3.1 А. Адамовіч як аўтар канцэпцыі “звышлітаратуры”

1.3.2 Сусветная місія беларускай літаратуры

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Наватарскі характар сучаснай беларускай літаратуры

1.1 Парабалічная плынь у сучаснай беларускай літаратуры

1.1.1 Пашырэнне прытчавасці ў сучаснай літаратуры

У 20 стагоддзі адбываюцца працэсы мадэрнізацыі паэтычнай сiстэмы рэалiзму, трансфармацыі катэгорый часу i прасторы, змяняецца прасторава-часавы кантынуум: “Прынцып iмiтацыi, адлюстравання жыцця ў мастацкiх формах, адпаведных самому жыццю, суправаджаецца цi нават выцясняецца мiфам i сiмвалам, замест канкрэтных вобразаў аўтары ўсё часцей звяртаюцца да абагульнена-сiмвалiчных, замест падрабязна, дакладна акрэсленых абставiнаў i характараў выкарыстоўваюць умоўна-фантастычныя, алегарычныя, гратэскаывя. Лiтаратурныя творы усё часцей набываюць характар прыпавесцi, прытчы” (1, с. 109). З часоў старажытнасці да нас дайшлі такія прытчы, як “Прамудрасць Ахiкара” – Сiрыя, 7 ст. да н.э., “Кнiга Прытчаў Саламонавых” – Бiблiя, “Запаветы караля Анушырвана” – Iран, 531-578 гг. і iнш. У беларускай літаратуры – творы К. Тураўскага, Я. Баршчэўскага, “Казкi жыцця” Я. Коласа, В. Ластоўскага. У беларускай літаратуры 20 стагоддзя, як і ў сусветнай, асаблівае пашырэнне набываюць творы, што сінтэзуюць канкрэтнае і агульнае, сітуацыйнае і агульназначнае, умоўнае і рэалістычнае.

С. Ханеня адзначае: “Сучасныя аўтары шукаюць такiя мастацкiя формы, якiя б найбольш поўна раскрывалi адметнасцi нашага часу, iснавання чалавека ў iм. Анталагiчныя пытаннi сутнасцi чалавецтва ўвогуле i кожнай асобы ў прыватнасцi заў-сёды былi вызначальнымi для навукова-культурнай думкi. Адсюль выключная схiльнасць класiчнай фiласофii, лiтаратуры i мастацтва да унiверсалiзму, планетарнасцi мыслення. Жаданне выявiць у малым вялiкае, агульнакаштоўнае патрабуе адпаведнай формы для адлiўкi мастацкага вопыту. Адсюль i пашырэнне прытчавасцi сучаснай лiтаратуры” (2, с. 33).

У гэтай сувязі можна назваць прыпавесці В. Быкава (зборнік “Пахаджане”), кнігу “Сцяна”, аповесці “Дажыць да світання”, “Сотнікаў”, “Знак бяды”, прытчавыя формы ў творах Б. Брэхта, У. Голдынга, А. Камю, Коба Абэ, Т. Мана, Ж. П. Сартра, А. Франса. Як прытчавы твор прачытваецца “Апошняя пастараль” А. Адамовіча, пра што сведчыць “умоўнасць сітуацый і харак-траў, завостраная маральна-філасофская праблематыка” (С. Ха-неня), “Хатынская аповесць”, “Карнікі”. З’явы парабалізацыі на-глядаюцца таксама ў рамане В. Казько “Неруш”, аповесці А. Жу-ка “Паляванне на апошняга жураўля”. Прачытанню аповесцей В. Быкава як прытчы запярэчыў сам аўтар (артыкул “Великая академия – жизнь”, часопіс “Вопросы литературы”, 1975, № 1). Пасля гэтага крытыкі пачалі пісаць пра парабалічны характар аповесцей пісьменніка.

С. Ханеня, аналiзуючы спецыфiку сённяшняй культурнай сiтуацыi, мяжы тысячагоддзяў, адзначае: “у вынiку крызiсу многiх бакоў дзейнасцi чалавека – эканамiчнай, культурнай, палiтычнай, экалагiчнай – адбываецца працэс вяртання да некалi страчанага цэласнага светаўспрыняцця” (2, с. 6). Аўтар акцэнтуе ўвагу на тым, што пашырэнне ўмоўнасці ў сучаснай літаратуры – “культурная з’ява, глыбiнна звязаная з каранёвымi, сутнаснымi пытаннямi рэчаiснасцi” (2, с. 5). Як падкрэслівае I. Шаўлякова, “паэтыка свету непазбежна адлюстроўваецца ў паэтыцы тэксту, дзе рэпрэзентуецца пэўны вобраз рэчаiснасцi” (3, с. 177).

Праблематычным становіцца вызначэнне жанравай формы таго цi iншага твора. “Жанравая цяжкавызначальнасць, узаема-дзеянне з авангардысцкiмi плынямi – паказальныя якасцi рэалiстычнай лiтаратуры 20 ст.” (1, с. 110).

Як адзначае С. Ханеня, у 20 стагоддзі ў еўрапейскіх літа-ратурах актуалізавалася тэндэнцыя да пашырэння асацыятыўнага патэнцыялу, “адмаўленне ад знешняга праўдападабенства жыццю пры адначасовым захаванні яго сутнаснага ўспрыняцця, што ў значнай ступені ўплывае на жанрава-стылёвыя адметнасці сучаснай літаратуры, яе формаўтваральныя пошукі” (2, с. 3). Фармальнай рэалізацыяй падобнага пашырэння асацыятыўнага патэнцыялу мастацкага тэксту якраз і з’яўляецца зварот да жанру прытчы і парабалы. Зварот пiсьменнiкаў да жанру прытчы абумоўлены жаданнем спазнаць быцiйныя праблемы: сутнасцi i прызначэння чалавека, характару i мэтаў яго дзейнасцi. I менавiта прытча, як зазначае С. Ханеня, “узвышае вобраз чалавека ў мастацтве да фiласофскага спасцiжэння”, яна “надзвычай сугучная патрэбам эпохi” (2, с. 33).

1.1.2 Размежаванне парабалы і прытчы

Неабходна размяжоўваць такiя тэрмiны, як прытча i парабала, цi парабалiчная проза: «Мастацкая з’ява парабалізацыі заснаваная на паэтыцы класічнай прытчы (філасофска-этычная іншасказальнасць, адметная сімвалічнасць, перавага інтэлектуальнага пачатку над вобразным і інш.). У адрозненне ад адназначнасці прытчавай алегорыі парабалічныя вобразы больш схільныя да шматзначнай сімвалічнасці. Парабала максімальна адпавядае прынцыпу “адчужэння” (2, с. 36). С. Ханеня адзначае, што “паэтыка прытчы не столькі вобразная, колькі сілагічная» (2, с. 33).

Зварот да жанру прытчы беларускiх пiсьменнiкаў адпавядае агульнасусветнаму эстэтычнаму руху. Так, І. Штэйнерам у артыкуле “Вы хочаце казку? Паслухайце казку…” разглядаюцца творы з элементамі прытчавай паэтыкі, своеасаблівыя сучасныя “казкi для дарослых” В. Казько, А. Наварыча, В. Мудрова, В. Шнiпа, В. Быкава. Прычым даследчык не забываецца i на сусветны кантэкст i на нацыянальную спадчыну: аповесць В. Казько “Выратуй i памiлуй нас, Чорны Бусел” асэнсоўваецца праз прызму кэралаўскай “Алiсы ў краiне цудаў”, “Прыгоды Рабунькi” А. Наварыча – праз прызму рамана Э. Т. Гофмана “Жыццёвыя погляды ката Мура”, апавяданняў Яна Баршчэўскага. I. Штэйнер адзначае заканамернасць звароту да прыпавесцi В. Быкава, творы якога ў гэтым жанры сталi “сапраўднымi вехамi” ў светапогляднай эвалюцыi народнага пiсьменнiка» (4, с. 87). Аднак тут жа наглядаецца i iстотнае адрозненне: “…прытчы Яна Баршчэўскага паказваюць, як не трэба жыць на гэтай зямлi, калi беларус хоча застацца яе гаспадаром, то прыпавесцi Васiля Быкава сцвярджаюць бескарыснасць любых намаганняў, калi ўжо нават гаворка iдзе пра простае фiзiчнае выжыванне, не гаворачы ўжо пра духоўны росквiт нацыi” (4, с. 88). Да аналагічных высноў прыходзіць С. Ханеня. Падкрэслiваючы, што “сучасная гiсторыя актуалiзуе ў прытчавай лiтаратуры катэгорыю трагiчнага”, С. Ханеня вызначае жанр “Сцяны” В. Бы-кава як “экзiстэнцыяльную прыпавесць” (2, с. 52).

С. Ханеня ў сваёй манаграфіі падае ўласнае, арыгiнальнае прачытанне такiх твораў, як “Вежа” У. Някляева, “Краiна Хлудаў” А. Мiнкiна, прыпавесцей у прозе са зборнiкаў Я. Сiпакова “Тыя, што iдуць” i “Падары нам дрэва”. “Вежа” У. Някляева як парабала: “філасафічнасць, актуальнасць узнятых маральных праблем, прыярытэт рацыянальнага і эксперыментальнасць абставінаў” (2, с. 37). У “Вежы” У. Някляеў “спалучыў казачную, фантастычную і легендарную плыні, міфалагічнае з рэальным, трагічнае з каміч-ным, прозу, паэзію і драму” (2, с. 37). С. Ханеня называе “Вежу” “творам канцэптуальнай лiтаратуры”. Даследчык адзначае такую адметнасць твора, як публiцыстычнасць, што з’яўляецца паказ-чыкам “менавiта беларускай iнтэлектуальнай лiтаратуры” (2, с. 40).

Прыпавесці “Краiну Хлудаў” А. Мiнкiна С. Ханеня асэнсоў-вае праз прызму тых твораў сусветнай лiтаратуры, дзе падаецца ўмоўная мадэль краiны-мястэчка (“Левіафан” Т. Гобса, “Падарожжа Гулівера” Дж. Свіфта з раманамі “Цудоўны новы свет” О. Хакслі, “Вайна з саламандрамі” К. Чапека, “1984” Дж. Оруэла. “Трэба сказаць, што мэты ўвядзення мадэлі ўмоўнай краіны, горада, месца ў літаратуры былі заўсёды даволі адрозныя. Прынамсі, іх можна звесці да дзвюх полюсных. Адныя (прыгадаем стваральнікаў класічных утопій Т. Мора, Т. Кампанэлу, Ф. Бэкана) імкнуліся даць апісанне грамадска-палітычнага, прыватнага жыцця ва ўмоўнай краіне згодна са сваімі ўяўленнямі і ідэаламі. Іншыя ў процівагу першым стараліся вырашыць задачу выкрыцця такіх нязбыўных ідэалаў, якія часта былі проста фантастычна безгрунтоўным ігнараваннем рэальнасцяў жыцця і прыроды чалавека” (2, с. 43).

“Таталітарная сістэма Хлудзіі накіравана на поўнае падпарадкаванне сабе чалавека, на забіццё ў ім асобы і ператварэнне ў хлуда. Яшчэ ў 17 ст. Т. Гобс у антыўтопіі “Левіафан” прадказаў з’яўленне такіх краін, прадставіўшы іх у выглядзе біблейскага левіафана, што пажырае сваіх ахвяр” (2, с. 43). С. Ханеня мяркуе, што хаця “Краiна Хлудаў” А.Мiнкiна па сваёй скiраванасцi блiжэй да знакамiтай антыўтопii Дж. Оруэла “1984”, у творы беларускага пiсьменнiка адбываецца сiнтэз жанраў прыпавесцi i антыўтопii. Гэта “дазволiла аўтару сказаць не толькi пра тое, што магло быць, але папярэдзiць, як можа быць, як не павiнна быць” (2, с. 49), калi iгнаруюцца элементарныя законы жыцця i прыроды чалавека, калi паўсюль пануе страх, калi людзi становяцца толькi бязмоўнымi i бяздумнымi выканаўцамi, калi “чалавек пазбаўляецца ад пачуцця ўсведамлення самакаштоў-насцi ўласнага “я”, што ва ўсiм замяняецца на безасабовае “мы” ў iмя “звышiнтарэсаў” дзяржавы” (2, с. 47).

Надзвычай плённымi называе С. Ханеня спробы Я. Сiпакова “ў асэнсаваннi квiнтэсэнцыi быцця i чалавека”. Жанр прытчы, як сцвярджае даследчык, выключна арганiчна суадносiцца з твор-чай канцэпцыяй пiсьменнiка, яго “iмкненнем да пераадолення будзённасцi жыцця, страты ў iм адчування сэнсу iснавання” (2, с. 49).

Скрупулёзны аналiз твораў прытчавай формы розных пакаленняў беларускiх лiтаратараў дазволiў С. Ханенi зрабiць важную метадалагiчную выснову аб тым, што нашы пiсьменнiкi не толькi чэрпалi з крынiц сусветнай лiтаратуры, але i здолелi пашырыць жанравыя межы прытчы: “Стварэнне ўласнай мады-фiкацыi прытчы – так званай прыпавесцi, якая мае шмат адроз-ненняў ад класiчнай формы, сведчыць аб тым, што гэта менавiта беларуская адметнасць у жанравым вызначэннi” (2, с. 53).

Сказанае сведчыць, што нашы пісьменнікі ідуць у нагу з часам, іх творчасць адпавядае самым сучасным тэндэнцыям у развіцці мастацкага слова.

1.2 Творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сучасных мастацкіх канцэпцый

1.2.1 Алесь Разанаў як прадстаўнік інтэлектуальна-метафiзiчнай плыні ў беларускай літаратуры

Алесь Разанаў – паэт, які ўзняўся у сваёй творчасці да вяршынь сусветнай паэзіі. І, разам з тым, ён – адзін з самых нацыянальных паэтаў у нашай літаратуры. А. Разанаў – прадстаўнік інтэлектуальна-метафiзiчнай плыні ў беларускай літаратуры, ён імкнецца асэнсаваць “каардынаты быцця”, месца чалавека ў Сусвеце і Сусвет у чалавеку. А. Разанаў – аўтар кніг “Адраджэнне” (1970), “Назаўжды” (1974), “Каардынаты быцця” (1976), “Шлях-360” (1981), “Вастрыё стралы” (1988), “У горадзе валадарыць Рагвалод” (1992), “Паляванне ў райскай даліне” (1995), “Рэчаіснасць” (1998), “Танец з вужакамі” (1999), “Знакі вертыкальнага часу”, (1995), “Ганноверскія пункціры”, “Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць” (2006), “Кніга ўзнаўленняў” (2005), “Лясная дарога”, “Дождж: возера ў акупунктуры” (2007).

У творах А. Разанава паэтычнае бачанне свету неадрыўнае ад інтэлектуальнага. Е. Лявонава піша пра “філасофска-эстэтыч-ны універсалізм” паэзіі Алеся Разанава, “здольнасць кранаць інтэлект і душу “многіх і розных” сваёй неардынарнасцю, культуралагічнай эрудыцыяй”. Алесь Разанаў – гэта анталагiчны паэт. У цэнтры роздумаў паэта – Быццё беларускага слова. В. Акудовіч адзначае: “Гэта не метафiзiка зорнага неба, астральных целаў, трансцэндэнцыi ўвогуле, а метафiзiка зерня, глiны, каменя i самога слова” (2, с. 274). Л. Галубовіч падкрэслівае: “А. Разанаў зрабіўся паэтам у філасофіі, а ўсвядоміўшы зробленае, даў найменні сваім новым нязвычным стварэнням: квантэмы, версэты, вершаказы, пункціры, зномы...”.

Паэзія А. Разанава добра вядомая ў свеце. Творы беларускага паэта перакладзены больш чым на 30 замежных моў. Сам А. Разанаў піша і на нямецкай мове (зборнік “Worfdichfe”, Аўстрыя). Асобнымі выданнямі яго зборнікі выходзілі ў Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Грузіі, Балгарыі. А. Разанаў услед за М. Багдановічам імкнецца ствараць такую літаратуру, якая б адпавядала еўрапейскаму ўзроўню. Гэтаму спрыяе і работа А. Ра-занава ў галіне перакладу з англійскай, нямецкай, літоўскай, сербскай, грузінскай, польскай і іншых моў.

Да асэнсавання творчасці беларускага паэта неаднойчы звярталіся крытыкі, літаратуразнаўцы і пісьменнікі Германіі і Аўстрыі. Е. Лявонава слушна падкрэслівае: “Паэзія А. Разанава – гэта заўсёднае і няспыннае адкрыванне, стварэнне новай метафорыкі, новых рытмічных мадэляў, нечаканых ракурсаў ва ўспрыманні чалавека і свету”. А зборнікі “Wortdichte”, “Танец з вужакамі”, “Знакі вертыкальнага часу”, пашырылі з’яву білінгвізму ў нашай паэзіі “беларуска-нямецкім варыянтам дзвюхмоўнай творчасці” (Е. Лявонава).

Творы А. Разанава – гэта цэласная інтэлектуальная канцэпцыя, рэалізаваная ў мастацкай вобразнасці.

Прадстаўнікамі інтэлектуальна-метафізічнай плыні ў сучаснай беларускай літаратуры (і ў пэўным сэнсе паслядоўнікамі А. Разанава) з’яўляюцца: Ларыса Раманава, Галіна Булыка, Алег Мінкін, Міхась Баярын, Адам Глобус, Надзея Артымовіч і інш. Выразна метафiзiчны паэт – Iгар Бабкоў, аўтар паэтычных зборнікаў «Solus rex» i “Герой вайны за празрыстасць”. Але, у адрозненне ад «метафiзiкi глебы» А. Разанава паэзiя I. Бабкова звернутая да “метафiзiкi неба”, да трансцэндэнцыi як такой (В. Акудовіч). Гэта першы выпадак, калi беларускi паэт цалкам абапiраецца не на рускую, з фрагментамi беларускай, а на заходнееўрапейскую паэтычную традыцыю, а ў гэтай традыцыi менавiта на вопыт iнтэлектуальна-метафiзiчнай лiтаратуры ўвогуле (Гёльдэрлiн, Рыльке, Элiот, Паўнд).


1.2.2 Шматграннасць таленту Алеся Разанава

Творчасць Алеся Разанава настолькі шматгранная і разнастайная, што абумовіла розныя прачытанні яго паэзіі. Пры разглядзе творчасці Алеся Разанава ў кантэксце сусветнага мастацтва слова ўзгадваліся самыя розныя імёны, стылі, напрамкі і школы: Гётэ і Шылер, Ніцшэ і Гаўптман, Цютчаў і Ахматава, Тагор, Рыльке. Так, Г. Кісліцына адносіць творчасць Алеся Ра-занава да постмадэрнісцкай мастацкай парадыгмы, а Ева Лявонава – да мадэрнізму, да еўрапейскай філасофска-літаратурнай традыцыі “рэчыўнасці”. І таму ёсць падставы: “Паэзія Ра-занава – гэта сапраўдны філасофска-эстэтычны космас, узор сінкрэтычнага мастацкага мыслення; такая паэзія не можа атаясамлівацца з нейкім адным з накірункаў або стыляў, а адметная іх узаемапранікненнем, іх знітаваннем”.

Філасофія “рэчыўнасці” пададзена ў такіх паэмах А. Разанава, як “Гліна”, “Паэма выніку”, “Паэма вяхі”, “Паэма святла”, “Паэма рыбіны”, “Паэма сланечніка”, “Камень”, у шматлікіх вершасказах. Разглядаючы паэзію А. Разанава праз прызму работы нямецкага філосафа-фенаменолага Марціна Хайдэгера “Выток мастацкага твора”, Е. Лявонава заўважае: “... з апісальнасцю мастацкая манера Разанава не мае нічога агульнага: стыхія паэмы – рух, яе філасофія – гэта філасофія не сузірання, а працы-творчасці. Увагу аўтара паэмы прыцягваюць, відавочна, асноўныя складовыя не побыту, а быцця чалавека, і існуюць яны ў мастацкім космасе Разанава ў дыялектычнай непарыўнасці і ўзаемаперацякальнасці”. А. Разанаў асэнсоўвае сутнасць самых розных рэчаў: агню, руні, дарогі, лесу, берагу, каранёў, сонца, рукі, студні, шляху, пасткі і інш.:

Беларускі мароз насяляе наваколле маразамі.

Рускі мароз малюе розы.

Польскі mroz мружыць вока.

Чэшскі mrаz разам з зарой высвятляе рэчы і

разам са змрокам зацямняе.

Стараславянскі мразъ росную марасу

“ператармошвае” ў снежную шэрань, а мурзатую

гразь “ператарможвае” ў гартаваную брукаванку.

Палабскі mоrz змораны.

“Мароз”

Е. Лявонава падкрэслівае: “Стаўленне да рэчы Разанава мае шмат кропак судакранання з яе рылькаўскай канцэпцыяй. Як і Рыльке, Разанава вабіць усведамленне руху ў рэчы; як і Рыльке, ён успрымае ў якасці рэчаў побытава-звыклыя прадметы і “высокія”, “апошнія”, прыродныя з’явы, чалавека і Бога; як і ў Рыльке, у Разанава “рэчаіснасць” адзіная”, цэласная”.

Е. Лявонавай таксама належаць слушныя назіранні над гукатворчасцю А. Разанава, і ў гэтым плане даследчыца называе імёны славутых еўрапейскіх паэтаў, якія пакінулі цікавыя ўзоры эксперыментаў з гукам (Гіём Апалінер, Шарль Бадлер, Канстанцін Бальмонт, Вялімір Хлебнікаў). Удумванне ў гук, яго эстэтычныя і светапоглядныя магчымасці абумовіла і эксперыменты з жанрам паэтычнай мініяцюры. А. Разанаў з’явіўся аўтарам такіх жанраў, як зномы (“Паляванне ў райскай даліне”), вершаказы (“У горадзе валадарыць Рагвалод” (“Паляванне ў райскай даліне”),(“Паляванне ў райскай даліне”, “Танец з вужакамі”), рысасловы, квантэмы (“Шлях-360”, “Вастрыё стралы”), вершасловы “Wortdichte”, узнаўленні (“Кніга ўзнаўленняў”). Плённа пераасэнсоўваецца паэтам замежны эстэтычны вопыт (версэты “Шлях-360”, “Лясная дарога”, “Вастрыё стралы”, “Танец з вужакамі”), пункціры (“Назаўжды”, “Вастрыё стралы”, “Ганноверскія пункціры”, “Дождж: возера ў акупунктуры”). У А. Разанава фармальны бок творчасці мае істотную семантычную нагрузку.

Зномы – своеасаблівыя філасафемы (зно – мысленчая рэчаіснасць). Вельмі блізкія па сэнсу да эсэ. У А. Разанава гэта роздумы аб літаратуры, мастацтве, філасофіі. Як правіла, складаюцца з аднаго абзаца.

Версеты – памежная паміж паэзіяй і прозай форма, напісаны прозай невялікі лірычны твор. Маюць фабулу, яснасць думкі, лагічную завершанасць. Разам з тым версеты ўтрымліваюць глыбокі падтэкст і шматзначнасць.

Вершаказы – гэта амбівалентны жанр (казаць верш), версэйная проза, дзе часткі слоў паўтараюць гукавое гучанне слова, вынесенага ў загаловак (“У горадзе валадарыць Рагвалод, горад радуецца Рагнедзе”, “мур мудры”, “багна багатая”, “плуг паслухмяны, як слуга”). Існасць, сутнасць рэчы раскрываецца пры дапамозе гуку.

Квантэмы – гэта паэтычныя мініяцюры, напісаныя свабодным вершам (3 – 6 радкоў). У адным з інтэрв’ю паэт патлумачыў: “У мініяцюры пачынае “гучаць”, істотнець не толькі асобнае слова, але і асобная літара, гук. Гук – “электрон” верша. Менавіта з увагі да гуку, з патрэбы гуку стаць сэнсам… і ўзніклі такія мае аўтарскія жанры, як квантэмы і вершаказы”. Колькасць слоў у квантэмах мінімальная, але яны нясуць максімальную сэнсавую нагрузку.

Узнаўленні – пераклады старажытных беларускіх тэкстаў на сучасную мову.

Жанр пункціраў – адзін з самых любімых А. Разанавым. Паэт звяртаецца да гэтага жанру часцей за ўсё. У А. Разанава пункціры – гэта паэтычныя мініяцюры ў чатыры – шэсць радкоў, насычаныя асацыятыўным падтэкстам. Е. Лявонава падкрэслівае: “Паэтыка пункціраў надзвычай адметная. Гранічна сціслыя, пазбаўленыя знешніх эфектаў... Эпіграфам да іх маглі б паслужыць словы Канфуцыя: “Адлюстроўваю, але не ствараю”. Пункціры вельмі блізкія да ўсходняй паэзіі, да японскіх танка і хоку. Даследчыкі шмат пішуць пра ўплывы ўсходняй паэзіі і філасофіі вучэння дзэн (медытацыя, сузіранне, засяроджанасць) на творчасць А. Разанава. Дарэчы, менавіта А. Разанаў перакладаў хайку М. Басё на беларускую мову. (У 1996 годзе пабачыў свет зборнік тэкстаў беларускіх паэтаў у форме хоку “Круглы год”).

Вершасловы (зборнік “Wortdichte”) можна перакласці як словатворы, словавершы. Гэта творы, разлічаныя на зрокавае ўспрыманне. Вершасловы пададзены ў дзвюх варыянтах: друкарскім шрыфтам і “ад рукі”, пададзеную самім аўтарам. Як адзначае Е. Лявонава, “Гэта своеасаблівыя вершы-мантажы (часам нават з элементамі малюнка), адмысловае маніпуліраванне гукам, фразай, словам, іхняй графікай, праз што паглыбляюцца і пашыраюцца зместы як вершы ў цэлым, так і яго паасобных складнікаў. Чытач мусіць станавіцца сааўтарам, унікаць у сэнсавую зменлівасць паняццяў...”

Е. Лявонава сцвярджае, што “вершасловы А. Разанава, пры ўсёй іх адметнасці, палягаюць у рэчышчы еўрапейскай і сусветнай паэтычнай традыцыі, з’яўляюцца яе арганічным працягам і адсылаюць да самых розных, перадусім авангардысцкіх, мастацкіх напрамкаў і школ 20 ст.”. Даследчыца ўказвае на пераемнасць паміж вершасловамі А. Разанава і творамі дадаістаў, сюррэалістаў, экспрэсіяністаў (“Паэма запаленых свечак”), футурыстаў (“У горадзе валадарыць Рагвалод, пераклад твораў В. Хлебнікава “Паляванне ў райскай даліне”), папярэднікам сюррэалістаў Гіёмам Апалінерам (маці якога была беларускай). Варта ўзгадаць каліграмы (лірычныя ідэяграмы) французскага паэта, “вершы-малюнкі, радкамі і асобнымі словамі ў якіх утвараюцца абрысы пэўных прадметаў. Заснаваныя на канвергенцыі слоўных вобразаў і іх графічных выяў, яны (як і вершасловы А. Разанава) разлічаны найперш на візуальнае ўспрыманне”.

Увогуле, да паэтыка-графічных эксперыментаў звярталася шмат творцаў: Ф. Рабле, С. Малармэ, Л. Кэрал, В. Хлебнікаў, футурысты. Аднак, як заўважае Е. Лявонава, “ці не найбольш кропак судакранання ў вершасловаў А. Разанава з гэтак званай “Канкрэтнай паэзіяй”, што ў другой палове 20 ст. знайшла сваё развіццё ў самых розных літаратурах: амерыканскай, японскай, еўрапейскіх, з нямецкай і аўстрыйскай уключна”.

Шэраг аўтараў, у тым ліку Л. Галубовіч і Е. Лявонава, адпрэчваюць меркаванні пра прыналежнасць творчасці А. Разанава да постмадэрнізму. Так, довады Е. Лявонавай наступныя: для А. Разанава творчасць – не гульня з сэнсамі, алюзіямі, цытатамі. Творчасць – прарыў у невядомае, неадкрытае, непрамоўленае. Сам А. Разанаў выказваецца наступным чынам: “Творчасць – сустрэча з невядомым. Як толькі невядомае змяняецца вядомым, яна немінуча ператворыцца ў імітацыю”. Наступны довад Е. Лявонавай такі: калі для постмадэрністаў спадчына – “адзіны і дастатковы будаўнічы матэрыял для стварэння новай тэкстуры, гэтак званага “фрагментаванага дыскурсу”, сутнасць якога – у сцверджанні свету як хаосу, пазбаўленага каштоўнасных арыенціраў, іерархічна неўпарадкаванага, іначай кажучы – фрагментарнага”, то для А. Разанава спадчына – “рэальны, а не ўмоўны факт культурнага жыцця і фактар свядомасці” праз яе становішча “не толькі там, але і тут… у вертыкалі пастаяннага дыялога з наступнымі пакаленнямі”.

Таксама творы А. Разанава вылучае “асобаснасць, што суправаджаецца метафізічнасцю, адчувальнай інтуітыўнасцю, своеасаблівай эксклюзіўнасцю – у процівагу постмадэрнісцкай прагматычнасці, рацыянальнасці, іклюзіўнасці”. Адзначаючы міжжанравы характар многіх твораў А. Разанава (вершасказы, зномы, версеты), Е. Лявонава, тым не менш, адмаўляе іх эклектычнасць: “па вялікім рахунку, этымалагічныя росшукі ў сферы ці не кожнай сучаснай жанравай формы непазбежна прывядуць да яе шматкаранёвасці, якая, аднак, далёкая ад постмадэрнісцкага прынцыпу множнасці, калекцыі, спісу, мантажу, гібрыднасці як выніку збіральнасці сучаснага мастацтва, неабходнасці рэвізіі ўсіх аскепкаў папярэдняга культурнага свету. У паэзіі Разанава гэтага няма, а ёсць пошук і сцвярджэнне цэласнасці чалавека, свету, твора”.

Аналагічных поглядаў прытрымліваецца Л. Галубовіч: “Многія, на маю думку, памылкова залічваюць паэта ледзь не да постмадэрністаў. Але ж відавочна, што А. Разанаў нічога новага не піша, ён усяго толькі піша па-новаму. Не адкрываючы амерык па-за светам, ён адкрывае амерыку тут, у сабе, паказваючы нам нашае ў адпаведным цяперашняму часу ракурсе”. У творах А. Разанава яскрава выяўлены асобасны, індывідуальны пачатак, ён – не эпігон і не інтэрпрэтатар.

Пра постмадэрнізм у творах Алеся Разанава (катэгорыі тэксту, знаку, слова) піша Г. Кісліцына. Даследчыца ўказвае на полістылістыку некаторых твораў паэта (“Паэма гарачага лісця”, “У поцемках, з ліхтаром”), метарэалізм (“Паэма святла”, “Паэма сланечніка”, “Першая паэма шляху”, “Другая паэма шляху”, “Паэма выніку” і інш.), на своеасаблівыя адносіны аўтара і героя (“Шлях 360”, “Назаўжды”), разуменне свету як тэксту. Таксама з постамдэрнізмам творы А. Разанава лучыць так званы гульнёвы прынцып, аднак атмасфера ў творах паэта не смехавая, а разважліва-філасофская, нават драматычная і трагічная.

1.3 Наватарскі характар беларускай літаратуры

1.3.1 А. Адамовіч як аўтар канцэпцыі “звышлітаратуры”

Беларускія літаратары здолелі прапанаваць свету наватарскія, доўгатэрміновыя мастацкія ідэі. Так, А. Адамовіч прапанаваў канцэпцыю “звышлітаратуры”, гэта значыць такой літаратуры, “якая не баіцца глянуць на дно прорвы, літаратуру-папярэджанне, прароцтва” (М. Тычына), літаратуру, якая б не заспакойвала, а біла па нервах, каб чалавек задумаўся, што ён робіць, якім будзе плён яго ўчынкаў у будучым? М. Тычына пісаў: “Этычны, маральны крытэрый быў для А. Адамовіча ключом да ўсяго: талент у сімбіёзе з амаральнасцю спараджае нягоднікаў! Палітыка, вольная ад маральных абавязкаў, не толькі брудная, але і пагібельная! Навука таксама павінна вызначыцца, што датычыцца межаў дазволенага і недазволенага. Мэта і сродкі не могуць не знаходзіцца ў пэўнай раўнавазе, якую вызначае мараль. У час, калі чалавецтва, аглушанае крыкамі пра ўсемагутнасць інтэлекту, навукі, новых тэхналогій, адурманенае транквілізатарамі, страціла адчуванне духоўных арыенціраў і паволі спаўзае ў прорву небыцця, няма нічога саромнага ў закліку тварыць звышлітаратуру…”. Звышлітаратура – імкненне выйсці на новы, вышэйшы ўзровень праўды.

Прыклады такой праўды і такой літаратуры – у кнігах і артыкулах самога А. Адамовіча. На працягу 1970-1973 гг. А. Адамовiч разам з Я. Брылём i У. Калеснiкам аб'ехалi ўсю Беларусь, запiсваючы сведчанні жыхароў спаленых вёсак. Так з'явілася дакументальная кнiга “Я з вогненнай вёскi…” (1975). Рэцэнзiя рускага лiтаратуразнаўцы М. М. Кузняцова на гэту кнігу пачыналася словамі: “Страшней за гэту кнiгу я не ведаю…”.

Задума рамана Карнiкi” (1980) нараджалася з пытання: “Як маглi яны i хто яны, людзi, якiя ўсё гэта рабiлi, якія парушылі Боскую запаведзь “Не забі!”? Сам А. Адамовіч выказваў наступныя меркаванні: “На самай справе ёсць нейкія абсалюты. Здаецца, у сучасным чалавеку яны не ўзмацняюцца, яны паслаблены. Паслаблена адчуванне, што ёсць рэчы, за якія не толькі другія не могуць табе дараваць, але і ты сам не можаш і не павінен дараваць”.

Працягам пошукаў А. Адамовічам “новых шляхоў у лiтаратуры” (М. Тычына) стала дакументальная “Блакадная кнiга” (1982), напісаная разам з рускiм празаiкам Д. Гранiным: “Так ствараўся новы, невядомы раней жанр лiтаратуры – мастацкi дакумент, кнiга-араторыя, сiмфонiя, хор (гэтыя i iншыя падобныя па сэнсу назвы жанру згадвалiся крытыкай)”.

У аповесцi “Апошняя пастараль” (1986) А. Адамовіч выкарыстоўвае жанр антыўтопii, надзвычай распаўсюджаны ў сусветнай лiтаратуры 20 ст., каб наглядна паказаць страшныя наступствы нашай няздольнасцi ўзняцца над сваiмi часовымi iнтарэсамi.

Твор завяршаецца трагiчна – пагiбеллю ўсяго жывога: “Святло згасла, апусцелi i сцэна i глядзельная зала…” Гэта – “аповесць-папярэджанне, заклiк да сучаснiка з мэтай актывiзаваць яго думку i волю, захапiць iдэяй новага мыслення”.

А. Адамовiч набліжаў новую эры ў гiсторыi чалавецтва, зблiжэнне (“канвергенцыяй”) Захаду i Усходу, ядзернае раззбраенне, усведамленне небяспекi экалагiчнай катастрофы i г. д. Менавіта А. Адамовіч першым загаварыў пра неабходнасць “новага мыслення”: “Новае мысленне, на думку А. Адамовiча, прымушае народы i дзяржавы кiравацца ў сваiх дзеяннях “простымi законамi чалавечай маралi”, сярод якiх ён вылучаў на першы план хрысцiянскi запавет: “Не забi!”.


1.3.2 Сусветная місія беларускай літаратуры

Пра сусветную мiсiю беларускай культуры і літаратуры першым загаварыў гомельскі даследчык І. Афанасьеў (мана-графія “Чарнобыльскае светаадчуванне ў сучаснай беларускай лiтаратуры”). Вучоны мяркуе, што, перажыўшы Чарнобыльскую катастрофу, беларусы накапілі ўнікальны вопыт – iснаванне па-за Гiсторыяй: “Чарнобыль паставiў нас у становiшча “па-за гiсторыяй”, “рэальнае па-за рэальнасцю – гэта зусiм па-нашаму, па-беларуску”. Аднак жа “загнаны гiсторыяй у кут, чалавек робiцца непадуладным яе раз'юшанаму нораву, сцвярджаючы каштоўнасць гiпатэтычнага iснавання ў рэаль-насцi. Фактар адчужэння яднае яго з уласнай эстэтычнай маг-чымасцю, што менавiта ў шматзначнасцi вырашэнняў выступае падставай быцiйнага самаўсведамлення, калi нават тэкст – “гэта мы самi ў працэсе пiсьма” (Р. Барт). Абапiраючыся на даследаваннi выбiтных фiлосафаў, I. Афанасьеў прыходзiць да высновы не толькi аб жыццядзейнасцi беларускай культуры, але i пра яе ўнiкальнае значэнне для астатняга свету: “Дзiўна, але менавiта тое, што беларусы – нацыя невымоўнага, надае жыц-цёвую актуальнасць першаслову, дакладней нават двум, з дапамогай якiх фiлосаф i тэолаг М. Бубер вызначаў экзiс-тэнцыяльныя стасункi чалавека з чалавекам i чалавека з светам (“Я –Ты” i “Я – Яно”), абгрунтоўваючы “сферу Памiж” як першасную катэгорыю чалавечай рэчаiснасцi, адкуль павiнна выйсцi “сапраўднае Трэцяе”. Гэта яшчэ адна транс-фармацыя нашага славутага памежнага становiшча, становiшча “памiж”. Беларусы здольныя “негатыў” ператварыць у “пазi-тыў”: “…пакуль уладарныя суседзi выбiралi беларусаў, замiнаючы адзiн аднаму, беларусы выбралi сябе…”. Даследчык падкрэслiвае, што беларусы – “выбраны народ, якi ўзнялi свой нацыянальны вопыт на вяршыню чалавечага”, паколькi “беларусам толькi i застаецца, што ўсвядомiць сябе ў вымярэннi гiсторыi як культуры, што рэалiзуе ўсе астатнiя варыянты быцця”.

Сваё даследаванне вучоны разгортвае, абапiраючыся на вялiкi аб'ём мастацкiх твораў. У цэнтры яго ўвагi – “Карацелi”, “Венера, цi як я быў прыгоннiкам”, “Vixi” А. Адамовiча, “Саркафаг” В. Губарава, “Чарнобыльскi лабiрынт” А. Крыгi, “Зорка Палын” У. Някляева, “Хто вiнаваты” I. Чыгрынава, “Злая зорка” I. Шамякiна. Пра дакладнасць ацэнак I. Афанасьева i добрасумленнасць яго як даследчыка сведчыць той факт, што ён вывучае не толькі “чарнобыльскi” лiтаратурны вопыт, у полi зроку вучонага творы М. Гарэцкага, В. Ластоўскага, А. Калу-бовiча, Ф. Аляхновiча, А. Мрыя, В. Быкава, У. Арлова і інш., бо “мы цяпер – сучаснiкi ўсiх эпох, i па вялiкiм рахунку ўсе размовы наконт чарнобыльскага светаадчування ў лiтаратуры паводле яго тэматычнага разумення ёсць аксюмаран. Менавiта гэта дае нам права разглядаць у чарнобыльскім кантэксце кожны лiтаратурны факт i разам з тым даказвае няўлоўнасць, непадуладнасць звычайнай свядомасцi самой Чарнобыльскай падзеi. Яе прысутнасць у чалавечым лёсе абсалютная, як дадзена Усё чалавеку iснаму”.

I. Афанасьеў быў адным з першых, хто загаварыў пра чарнобыльскае светаадчуванне ў нашай лiтаратуры, акрэслiў новы модус мыслення нашага лiтаратуразнаўства (лiмаўская дыскусiя 1992 года аб сучасным стане i перспектывах беларускай навукi аб лiтаратуры).

Даследчык разважае менавiта пра выратавальную, ахоўную ролю нацыянальнай культуры i лiтаратуры сёння, у пост-чарнобыльскай сiтуацыi. I менавiта лiтаратура, “эстэтычнае iмкненне”, згодна I. Афанасьеву, дае мажлiвасць паратунку ад Чарнобыля, калi, як пазначана ў анатацыi, “слова ў мастацкай прасторы, акрэсленай усiмi магчымымi набыткамi прыгожага пiсьменства, абумоўлiвае шанц альтэрнатывы ў спрэчцы з непазбежнасцю сапраўднай катастрофы”.

Гэтыя разважаннi I. Афанасьева выдатна кладуцца ў кан-цэпцыю нацыянальнага лёсу. “Шлях”, “дарога” – адвечныя бела-рускiя архетыпы. Як тут не прыгадаць “Адвечны шлях” I. Кан-чэўскага, “Шляхам жыцця”, “Паязджане” Я. Купалы, “Млечны шлях” К. Чорнага.

У свой час Ф. Дастаеўскі адзначыў, што рускi чалавек выратуецца праз веру ў Хрыста, а беларускi – праз веру ў сябе. I. Афанасьеў пiша: “Беларусам няма на каго i на што спадзявацца. Яны, i нiхто iншы, былi гарантыяй сябе, гэткiя “грамадзяне свету”, што ў свет дапушчаны не былi. Але светам сталi. Планета Лонва. Планета Найдорф. Планета Мсцiжы. Свая зямля, што злучылася з космасам…” Наколькi дакладнае назiранне. Нездарма менавiта архетып “Роднага кута” з'яўляецца унiверсальным беларускiм архетыпам (У. Конан). Можна ўзгадаць К. Чорнага з яго “Мне ўсё жыццё хопiць апiсваць свае родныя Цiмкавiчы”, для якога свой куточак зямлi, свая “марка” (У. Фолкнер) – Сусвет.

I. Афанасьеў – гэта даследчык-фiлосаф, якi асэнсоўвае праблему ў светапоглядным аспекце: “Расейцы шануюць сваю культуру як спараджэнне гiсторыi. Беларусы намагаюцца зрабiць з нацыянальнай культуры (i лiтаратуры) падмурак гiсторыi”. Беларуская нацыя – нацыя вербальнай культуры. Прыгожае пiсьменства для нас больш, чым проста прыгожае пiсьменства: “На працягу стагоддзяў яно (Слова – А.М.) было нацыянальным выратаваннем, а сёння, пасля Чарнобыля, пераасэнсоўвае ў гэтым “двухмоўным” дыялогу сутыкненне з невядомым, з рэальнасцю “па-за”, якая паяднала iмгненне i вечнасць”.

Такім чынам, беларуская літаратура валодае значным крэатыўным патэнцыялам.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Лявонава, Е. А. Плыні і постаці (Тэкст) / Е. Лявонава. – Мн.: рэд. часопіса “Крыніца”, 1998. – 336 с.

2. Ханеня, С. Амплiтуда мастацкасцi: Умоўнасць у бела-рускай прозе канца 20 стагоддзя (Тэкст) / С. Ханеня. – Гомель: ГДУ iмя Ф. Скарыны, 2001. – 117 с.

3. Шаўлякова, І. Наш унiверсум. Вопыт сiмвалiчнай iнтэр-прэтацыi сучаснай беларускай лiтаратуры (Тэкст) / І. Шаўлякова // Полымя. – 1999. – № 6. – С. 186 – 189.

4. Штэйнер, І. Deja vu, або Успамiн пра будучыню (Тэкст) / І. Штэйнер. – Мн. : ЛМФ “Нёман”, 2003. – 144 с.

5. Лявонава, Е.А. Плыні і постаці (Тэкст) / Е.Лявонава. – Мн. : Рэд. Часопіса ”Крыніца”, 1998. – 336 с.

6. Акудовіч, В. Разбурыць Парыж (Тэкст) / В. Акудовіч – Мн.: “Логвінаў”, 2004. – 298 с.

7. Галубовіч, Л. Алесь Разанаў (Тэкст) / Л. Галубовіч // ЛіМ. – 2007. - № 13. – С.16.

8. Лявонова, Е. “Слова кліча – сэнс адгукаецца...” Нямецкая кніга вершасловаў Алеся Разанава (Тэкст) / Е. Лявонава // ЛіМ. – 2004. – 12 красавіка. – С. 6.

9. Кісліцына, Г. Алесь Разанаў: праблема мастацкай свядомасці (Тэкст) / Г. Кісліцына. – Мн. : Беларуская навука, 1997. – 143 с.

10. Разанаў, А. Рэчаіснасць. Вершы (Тэкст) / А. Разанаў. – Мн. : БГАКЦ, 1998. – 200 с.

11. Разанаў, А. Інтэрв’ ю (Тэкст) / А. Разанаў // Літаратура і мастацтва. – 1995. – 13 кастрычніка. – С. 6.

12. Лявонава, Е. “Крок за крокам тут збліжаюцца мовы...” Паэзія Алеся Разанава ў Германіі (Тэкст) / Е. Лявонова // ЛіМ. – 2002. – 12 снежня. – С. 6.

13. Разанаў, А. Паляванне ў райскай даліне (Тэкст) / А. Разанаў. – Мн.: Маст. літ., 1995. – 121 с.

14. Тычына, М. Алесь Адамовіч: Жыццё як творчасць (Тэкст) / М. Тычына // Алесь Адамовіч і час: матэрыялы Адамовічаўскіх чытанняў 5 верасня 1977 года. – Мн., 1998 – С. 27 – 32.

15. Тычына, М. Алесь Адамовіч (Тэкст) / М. Тычына // Гісторыя беларускай літаратуры 20 стагоддзя: у 4 т. – Т. 4, кн. 1. 1966-1985 / НАН Беларусі, Аддзяленне гуманітар. навук і мастацтваў, Ін-т літ. імя Я. Купалы; навук. рэд. У. В. Гніламёдаў, С. С. Лаўшук. – 2-е выд. – Мн. : Беларуская навука, 2004. – С. 319 – 343.

15. Корань, Л. “…Ёсць абсалюты” Даўняя гутарка з А. Адамовічам (Тэкст) // Корань Л. Цукровы пеўнік: літ.-крытыч. арт. – Мн. : Маст. літ., 1996. – С. 191 –206.

16. Афанасьеў, I. Чарнобыльскае светаадчуванне ў сучаснай беларускай лiтаратуры (Тэкст) / І. Афанасьеў. – Вып.1: Бягучы лiт. працэс у крыт. аглядзе. – Мн.: Беларуская навука, 2001. – 212 с.