Канцэпт "шчасце" у мове сучаснай беларускай паэзіі
ЗМЕСТ
УВОДЗІНЫ
I. Канцэпт з пункту погляду розных навуковых пазіцый
1.1 Паняцце канцэпту ў лінгвістычнай літаратуры
1.2 Адзінка шчасце ў лексікаграфічных працах
1.3 Шчасце з пункту погляду этыкі, філасофіі, псіхалогіі
II. Сінтагматычныя палі намінацый шчасця
2.1 Спалучальнасць лексем шчасце, доля, лёс, радасць з дзеясловамі
2.2 Спалучальнасць лексем шчасце, доля, лёс, радасць з прыметнікамі
2.3 Спалучальнасць лексем, што ўваходзяць у састаў канцэпту шчасце з назоўнікамі
2.4 Словазлучэнні, утвораныя па мадэлі шчасце (доля, лёс, радасць) + займеннік
III. Вобразна-выяўленчы патэнцыял канцэпту шчасце ў мове паэзіі
3.1 Вербальныя рэалізацыі канцэпту шчасце
3.2 Аналіз вобразнага кампанента канцэпту шчасце
3.3 “Крыніцы” шчасця паводле паэтычных твораў
ЗАКЛЮЧЭННЕ
СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ
КРЫНІЦЫ
ДАДАТАК
УВОДЗІНЫ
Адным з актуальных аспектаў сучасных лінгвістычных даследаванняў з’яўляецца праблема ўзаемадачыненняў мовы і культуры, асаблівасці адлюстравання духоўнага свету моўнымі сродкамі. Як вядома, у кожнай мове выяўляецца нацыянальная спецыфіка светабачання, спосаб фіксацыі тых ці іншых фактаў рэчаіснасці.
Праблема ўзаемадзеяння культуры і мовы з’яўляецца аб’ектам даследавання шматлікіх навуковых дысцыплін. Так, да яе звяртаюцца прадстаўнікі этнапсіхалінгвістыкі, сацыялінгвістыкі, лінгвакультуралогіі, псіхалінгвістыкі.
Пытаннямі мовы і культуры, іх узаемадзеяння і ўзаемадачынення цікавіліся яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя такія вучоныя, як А.А.Патабня, У.Уорс, Вільгельм фон Гумбальт.
З сучасных лінгвістаў, якія займаюцца распрацоўкай канцэпту, - Варкачоў С.Г. (“Лінгвакультуралогія” (2001), “Дыскурсная варыятыўнасць лінгваканцэпту” (2005), Карпаў В.А. (“Скрозь прызму канцэптаў” (2004), Кашалёў А.Д. (“О концептуальных значениях приставок –О/-ОБ” (2004), Чарапанаў М.В. (“Сэнсавая структура канцэптаў “свет” і “цемра” і яе моўнае выражэнне” (2003).
Праца С.Г. Варкачова мае на мэце вызначыць канцэпты культуры як адзінку калектыўнай свядомасці, якія маюць моўнае выражэнне і адзначаны этнакультурнай спецыфікай. У прыватнасці, аўтарам разглядаюцца і сістэматызуюцца ўяўленні пра шчасце ў рускай паэзіі XVIII – XX стагоддзяў і апісваюцца вобразныя асаблівасці імя “шчасце”. У выніку даследавання паняційнага кампанента канцэпту “шчасце” на матэрыяле тэкстаў рускай паэзіі аўтар прыйшоў да высновы: этнакультурная спецыфіка згаданага канцэпту вызначаецца перш за ўсё ў семантыцы, звязанай з канцэпцыямі, што склаліся ў грамадстве як жыццёвыя і тэарэтычныя погляды на прыроду і сутнасць шчасця.
Аб’ектам даследавання ў працы В.Н.Паршынай (“Концепт «чужой» в реализации тактики дистанцирования (на материале политического дискурса) (2004) з’яўляецца непасрэдна палітычны дыскурс. Праца заснавана на матэрыяле відэазапісаў моўных паводзін расійскіх палітычных лідэраў. Аўтар звяртаецца да зместу катэгорыі “чужы” шляхам аналізу слоўнікавых дэфініцый. Праведзенае даследаванне дазволіла зрабіць наступныя вывады: вербалізацыя канцэптаў не вычэрпваецца толькі лексемамі, але можа ажыццяўляцца з дапамогай структурных схем сказаў, агульнымі маўленчымі паводзінамі; прыёмы дыстанцыравання ад апанента прадстаўлены не столькі на лексіка-граматычным узроўні, колькі на ўзроўні сінтаксічнай структуры выказвання.
Праца Кашалёва А.Д. (“О концептуальных значениях приставок –О/-ОБ” (2004) прысвечана апісанню найбольш агульных значэнняў прыставак –А/-АБ (-О/-ОБ). Аўтар паказвае, што ўсе або амаль усе значэнні згаданых прыставак можна ахапіць трыма асноўнымі (канцэптуальнымі) значэннямі: ‘знешняе дзеянне’, ‘татальнае дзеянне’, ‘новая якасць’. Агульныя значэнні ўяўляюць сабой даволі абстрактныя, але ў той жа час змястоўныя схемы рэальнасці, якія прыпісваюцца апошняй у працэсе маўленчай дзейнасці чалавека, даючы гэтай рэальнасці сэнсавую інтэрпрэтацыю.
Псіхолаг Н.А. Джэдар’ян (“Представления о счастье в русском менталитете” (1997) аналізуе праблему шчасця ў аспекце рускай культуры і раскрывае некаторыя асаблівасці ўспрымання шчасця/няшчасця ў менталітэце рускага народа. У ходзе працы аўтар прыходзіць да наступных вывадаў: адносіны да шчасця і пакутаў, шчасця-няшчасця складаюць важную характарыстыку самасвядомасці і ў значнай ступені вызначаюць своеасаблівасць духоўнай культуры і нацыянальна-псіхалагічныя рысы рускай ментальнасці. Аўтар разглядае пытанне складаных неадназначных сувязей паміж аптымізмам і задаволенасцю жыццём. Аптымізм, на думку Н.А. Джэдар’яна, з’яўляецца адной з тых яскравых адметнасцей рускага народа, у развіцці якіх значную ролю адыграў фактар шчасця-няшчасця і тое, як ён складваўся ў побыце і гістарычным лёсе народа.
Рознабаковыя сувязі культуры і мовы даследуе прафесар В.А.Маслава, аўтар вучэбных дапаможнікаў “Когнитивная лингвистика” (2004), “Введение в лингвокультурологию” (1997), “Лингвокультурология” (2001). Так, у працы “Поэт и культура: концептосфера Марины Цветаевой» (2004) для аналізу выбраны не толькі пераломныя ў творчасці М.Цвятаевай канцэпты рускай нацыянальнай свядомасці (лёс, прастора, паэт), але і агульнакультурныя (каханне, прырода, час, вечнасць), а таксама ўласна аўтарскія паэтычныя канцэпты (дом, пакой, радасць, стол). Аўтар разглядае праблему ўзаемадзеяння паэта і культуры. У працы выкарыстоўваюцца метады даследавання кагнітыўнай лінгвістыкі і лінгвакультуралогіі, прадэманстраваны прыклад канцэптуальнага аналізу, асветлены тэарэтычныя пытанні метадалогіі і лінгвакультуралогіі.
Калі браць пад увагу той факт, што праблема лінгвакультурнага канцэпту пачала актыўна распрацоўвацца толькі ў 90-х гадах XX стагоддзя, можна гаварыць пра недастатковае вывучэнне гэтага пытання навукоўцамі. Менавіта гэта і абумовіла выбар тэмы дыпломнай работы.
У выніку ўзаемадзеяння чалавека са светам складаюцца яго ўяўленні пра свет, фарміруецца мадэль, якая ў філасофска-лінгвістычнай літаратуры называецца карцінай свету. У апошнія дзесяцігоддзі адной з найбольш важных праблем кагнітыўнай лінгвістыкі стала праблема выяўлення ў свядомасці чалавека цэласнай карціны свету, што фіксуецца мовай. Карціна свету цесна звязана з канцэптуальнай сістэмай і адбіваецца ў мове. Аналіз моўных сродкаў дае магчымасць зразумець, чым адрозніваюцца нацыянальныя культуры, як яны ўзаемадапаўняюць адна адну на ўзроўні сусветнай культуры. Такім чынам, тэма дыпломнай работы бачыцца нам актуальнай, менавіта зыходзячы з праблем, пытанняў і задач, што існуюць у сучаснай кагнітыўнай лінгвістыцы.
Мэта дыпломнай работы – правесці комплексны аналіз вербальных сродкаў рэпрэзентацыі канцэпту “шчасце” на аснове твораў сучаснай беларускай жаночай паэзіі.
Для дасягнення пастаўленай мэты былі акрэслены наступныя задачы:
· выявіць лексічныя сродкі, з дапамогай якіх абазначаецца канцэпт шчасце;
· даследаваць словаспалучальныя магчымасці лексем, што ўваходзяць у склад канцэпту;
· вызначыць вобразна-выяўленчы патэнцыял канцэпту шчасце
Аб’ектам даследавання выступае мова твораў сучаснай беларускай паэзіі.
Прадметам даследавання з’яўляюцца лексічныя сродкі прэзентацыі канцэпту ў творах сучасных беларускіх паэтак.
Матэрыялам даследавання з’яўляюцца вербальныя рэалізацыі кампанента шчасце. Аўтарская картатэка налічвае 450 словаўжыванняў.
Трэба звярнуць увагу на тое, што намі разглядалася менавіта жаночая паэзія (Я.Янішчыц, Е.Лось, А.Каржанеўская, Д.Бічэль-Загнетава, Р.Баравікова, В.Русілка і інш.), бо іх творы насычаны эмацыянальна, ярка выражаюць пачуцці і настрой. У сваіх творах паэткі выяўляюць складанасць душэўнага свету жанчыны, яе псіхалагічны стан, лірыка-драматычныя перажыванні. Гэта вельмі важна, бо само шчасце як лінгвакультурны канцэпт належыць да катэгорыі эмоцый.
Работа складаецца з уводзін, трох раздзелаў, у якіх праведзена даследаванне лексічнай спалучальнасці канцэпту, яго вобразнага выражэння, а таксама заключэння, дзе зафіксаваны высновы даследавання.
У дадатку да работы ў сістэматызаваным выглядзе падагульнены фактычны матэрыял даследавання.
I. Канцэпт з пункту погляду розных навуковых пазіцый
1.1 Паняцце канцэптуў лінгвістычнай літаратуры
Слова “канцэпт” стала актыўна ўжывацца ў лінгвістычнай літаратуры з пачатку 90-х гадоў. Першапачаткова тэрмін “канцэпт” выкарыстоўваўся надзвычай шырока. Перагляд традыцыйнага лагічнага зместу канцэпту і яго псіхалагізацыя тлумачацца патрэбамі кагніталогіі, у прыватнасці, кагнітыўнай лінгвістыкі, якая засяроджвае ўвагу на суадносінах лінгвістычных дадзеных з псіхалагічнымі (9, с. 64).
З усіх вядомых нам азначэнняў мы аддаём перавагу варыянту, прапанаванага прафесарам Маславай В.А. Канцэпт - аператыўная змястоўная адзінка памяці, ментальнага лексікону, канцэптуальнай сістэмы мовы і мозга, усёй карціны свету, адлюстраванага ў чалавечай псіхіцы (23, с.31). Паняцце канцэпту перадае ўяўленне пра тыя сэнсы, якімі аперыруе чалавек у працэсе мыслення і якія адлюстроўваюць змест вопыту і ведаў, змест вынікаў усёй чалавечай дзейнасці і працэсаў пазнання свету.
Лінгвакультурны канцэпт ёсць семантычнае ўтварэнне высокай ступені абстрактнасці. На думку вучоных, канцэпт можна было б суаднесці з каранёвай марфемай, што складае аснову словаўтваральнага гнязда.
Р.М.Фрумкіна вызначае канцэпт як “вербалізаванае паняцце, адрэфлексаванае ў катэгорыях культуры” (38, с.14).
Д.С.Ліхачоў пад канцэптам разумеў “свайго роду алгебраічны выраз значэння, якім чалавек аперыруе ў сваім пісьмовым маўленні” (22, с.30).
Часцей за ўсё прадстаўніцтва канцэпту ў мове прыпісваецца слову, а само слова атрымлівае статус імя канцэпту – моўнага знака, які перадае змест паняцця найбольш поўна і адэкватна. Аднак канцэпт, як правіла, суадносіцца больш чым з адной лексічнай адзінкай. Такім чынам, адметнасцю канцэпту з’яўляецца яго суаднесенасць з планам выражэння ўсёй сукупнасці разнародных сінанімічных (уласна лексічных, фразеалагічных і афарыстычных) сродкаў, якія прэзентуюць яго ў мове. У выніку канцэпт суадносіцца з планам выражэння лексіка-семантычнай парадыгмы.
Сувязь канцэпту з вербальнымі сродкамі выражэння адзначаецца ва ўсіх лінгвакультуралагічных азначэннях, аднак адзінства ў поглядах адносна канкрэтных сутнасных адзінак мовы, з якімі суадносіцца канцэпт, у вучоных пакуль няма.
Тэарэтычна адносіны “канцэпт – яго моўная рэалізацыя” можна было б змадэляваць на базе антанімічнай парадыгмы ў лексіцы, якая фіксуе адрозненні ўнутры адной і той жа сутнасці (радасць – гора; шчасце – бяда; каханне – нянавісць). Любы канцэпт убірае ў сябе абагульнены змест мноства формаў выражэння ў натуральнай мове, а таксама ў тых сферах чалавечага жыцця, якія прадвызначаны мовай і немагчымыя без яе; гэта вынік аб’яднання слоўнікавага значэння слова з асабістым вопытам чалавека.
Канцэпт таксама вызначаецца як асноўная адзінка нацыянальнага менталітэту як спецыфічнага індывідуальнага і групавога спосабу светаўспрымання і светаразумення. Канцэпт уключае ў сябе, акрамя прадметнай суаднесенасці, усю камунікатыўна значымую інфармацыю. Перш за ўсё, гэта ўказанне на месца, якое займае гэты знак у лексічнай сістэме мовы: яго парадыгматычныя, сінтагматычныя і словаўтваральныя сувязі.
Трэба звярнуць увагу на існаванне так званых “універсальных канцэптаў”, якія выступаюць у свядомасці ў форме этычных тэрмінаў: добра – дрэнна, маральнае – амаральнае.
Такім чынам, можна вылучыць наступныя рысы канцэпту: 1) гэта мінімальная адзінка чалавечага вопыту ў яго ідэальным уяўленні; 2) гэта асноўная адзінка апрацоўкі, захавання і перадачы ведаў; 3) канцэпт мае рухомыя межы і канкрэтныя функцыі; 4) канцэпт – асноўная адзінка культуры. З гэтага вынікае, што канцэпты прадстаўляюць свет у галаве чалавека, ствараючы канцэптуальную сістэму, а знакі чалавечай мовы кадзіруюць у слове змест гэтай сістэмы (23, с. 36).
Лічым, што менавіта гэтае азначэнне канцэпту найбольш поўна ўбірае яго сістэмаўтваральныя адзнакі, адпавядае сутнасці паняцця. З гэтай прычыны абіраем дадзенае азначэнне як вядучае, базавае ў нашай працы.
1.2 Адзінка шчасце ў лексікаграфічных працах
Дзеля таго каб звесці ў адзінае паняцце ўсе наяўныя ўяўленні пра шчасце, звернемся да лексікаграфічных прац. Зразумела, што для аналізу канцэпту шчасце трэба ўсвядоміць усе значэнні гэтага слова, прыведзеныя ў розных слоўніках.
1. З пункту гледжання этымалогіі (Фасмер М. Этимологический словарь русского языка: В. 4-х т. Т.3 – М.: Прогресс. - 1971. – 827 с.), шчасце – агульнаславянскае слова, якое суадносіцца з чалавекам, што застаўся “з часткай”, гэта значыць са здабычай.
Шчасце, згодна з Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы ў 5-ці тамах, мае 3 асноўныя значэнні:
I. Стан поўнай задаволенасці жыццём, пачуцце найвялікшай радасці і задавальнення.
II. Удача, поспех у чым-небудзь. Шчаслівы выпадак, шчаслівае спалучэнне акалічнасцей.
III. Лёс, доля.
Падаецца таксама ўстойлівае спалучэнне са словам шчасце: на шчасце, якое мае значэнне ‘каб былі поспех, удача ў каго-небудзь, каб шанцавала каму-небудзь’; бог шчасця не даў ‘пра няўдачлівага чалавека’.
У Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў маем наступны сінанімічны рад: шчасце, доля, дабро, добрае, памыснасць, фартуна.
Н.Гаўрош (Вобразнае азначэнне ў мастацкіх тэкстах: Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы) падае азначэнне паняцця “радасць”: ‘пачуццё вялікай асалоды, задаволенасці’ і наступны рад магчымых азначэнняў да гэтага слова: бязмежная, бясконцая, неабсяжная, вялікая, высокая, святочная, бурлівая, гордая, звонкая, чыстая, светлая, ясная, шчымлівая, вясновая.
Аналіз прыведзеных значэнняў дадзенага слова дае магчымасць зрабіць заключэнне пра тое, што шчасце ўспрымаецца як пачуццё найвялікшай радасці і задавальнення, пры якім удала складваюцца жыццёвыя абставіны. Шчасцем варта таксама называць задаволенасць чалавека сваім уласным жыццём, гармонія яго з прыродай, соцыумам.
Сэнсавымі замяшчальнікамі шчасця выступаюць таксама адзінкі ўдача, поспех, лёс, доля, дабро, шанцаванне.
1.3 Шчасце з пункту погляду этыкі, філасофіі, псіхалогіі
Шчасце як лексічная адзінка і трактоўка шчасця з пазіцый грамадскіх навук набывае розныя аспекты.
Паміж шчасцем і горам на лексічным узроўні існуе антанімічная сіметрыя, падобная да сіметрыі паміж задавальненнем і незадавальненнем, аднак сіметрыя зместавая, семантычная (такая, якая існуе паміж весялосцю і журботай, болем і асалодай), відавочна, не да канца рэалізаваная (1, с. 136). Шчасце чалавека можа быць рэалізаваным поўнасцю.
У філасофскіх тэорыях, арыентаваных на шчасце як найвышэйшую каштоўнасць, няшчасця няма ў прынцыпе, як няма супрацьпастаўлення ідэалу (13, с. 61).
З пункту гледжання этыкі шчасце і няшчасце знаходзяцца ў блізкіх адносінах. Гэтая блізкасць заключаецца, па словах Гусейнава А.А., у тым, што “грамадства пабудавана такім чынам, што адначасовае шчасце ўсіх не магчыма. Шчасце адных заўсёды сумежнае з няшчасцем другіх, а здараецца, што яно абумоўлена няшчасцем другіх” (12, с. 306). Такая этычная тэорыя знаходзіць сваё пацвярджэнне ў сабраным намі матэрыяле: шчасліваму і гора дапаможа; шчасце і гора на тым самым паверсе жывуць; будзе радасць і туга; за радасцю часта прыходзіць нуда; каб трывозе і шчасцю злівацца бясконца; дастаткова для шчасця і гора; лягуць шчыльна журба і ўдача; перажагнала радасць і гаркоту; пражыву між радасцяў і страт.
Псіхалагічныя тэорыі выказваюць падобныя меркаванні і погляды на шчасце. Так, па словах псіхолага Джэдар’яна І.А., “у межах сістэмы ўяўленняў пра шчасце - як ні парадаксальна гэта можа гучаць – найважнейшае значэнне належыць матыву пакутавання як той структуры свядомасці, якая ўтрымлівае ў сабе асноўны духоўны сэнс. Шчасце ўспрымаецца не само па сабе, не як асобны цэласны факт або частка жыцця, а ў суадносінах і праз прызму сваіх супрацьлегласцей – пакутаў і няшчасця”. (12, с. 15).
Расійскі псіхолаг Рубінштэйн С.Л. гаворыць пра парадокс шчасця. Па яго словах, “…чым менш мы гонімся за шчасцем, чым больш занятыя справай свайго жыцця, тым больш станоўчага задавальнення і шчасця мы знаходзім” (30, с. 231).
Псіхолаг Г.М. Браслаў звяртае ўвагу на імкненне чалавека да шчасця і спецыфіку працэсу дасягнення сваіх мэтаў. Так, па словах аўтара, “…менавіта імкненне да шчасця ва ўсім абарочваецца не вельмі прыемнымі наступствамі. Гэта гаворыць пра тое, што шчасце з’яўляецца не столькі мэтай, колькі ўскосным прадуктам дасягнення значных вынікаў і, магчыма, знаходзіцца ў адным радзе з каштоўнасцямі альбо заснавана на каштоўнасцях” (5, с. 386).
Стывен Райс (амерыканскі псіхолаг і сацыёлаг) займаўся выяўленнем таго, як людзі апісальна разумеюць шчасце. У выніку ім было вылучана 16 асноўных катэгорый жаданняў, рэалізацыя якіх робіць чалавека шчаслівым. Сярод гэтых жаданняў: парадак, фізічная актыўнасць, гонар, улада, незалежнасць, сям’я, сацыяльны кантакт, статус, ідэалізм, рамантычнасць, харчаванне, спакой, помста. На думку С. Райса, зыходзячы з асноўных катэгорый жаданняў, можна вылучыць 2 віды шчасця:
· кароткачасовае – такое шчасце заснавана на прыемных пачуццях;
· доўгачасовае - заснавана на каштоўнасцях.
На думку амерыканскага псіхолага Майкла Аргайла, шчасце – асноўнае вымярэнне чалавечага вопыту, яно ўключае пазітыўны эмацыянальны настрой, задаволенасць жыццём, а таксама такія кагнітыўныя аспекты, як аптымізм і высокая самаацэнка. Крыніцамі шчасця выступаюць такія аб’ектыўныя характарыстыкі, як забяспечанасць жыцця, занятасць, шлюб, аднак пэўную ролю адыгрываюць і суб’ектыўныя фактары – такія, як уласнае ўспрыманне чалавекам пэўных жыццёвых умоў, напрыклад, сацыяльны статус і адаптацыя. Яшчэ адной крыніцай шчасця з’яўляецца валоданне адпаведным тыпам асобы: схільнасць чалавека аптымістычна ўспрымаць любыя акалічнасці. Аднак асабовыя якасці могуць змяніцца пад уздзеяннем перажытых жыццёвых падзей (1, с. 259).
З пазіцый этыкі ідэя шчасця заключаецца ў тым, каб назваць нешта, што належыць асобнаму чалавеку, з’яўляецца яго набыткам; шчасце індывідуальнае, а не універсальнае паняцце. Большасці людзей шчасце ўяўляецца як “дадзенае мне”, “здабытае”, “заслужанае мной”.
З іншага боку, шчасце са значэннем ‘шанцаванне, лёс’ аказваецца тым, што ніякім чынам не залежыць ад чалавека, над чым няма яго ўлады.
Уяўленні пра шчасце заўсёды афарбаваныя культурнай спецыфікай і залежаць ад тыпу цывілізацыі, а ў плане моўнага выражэння ідэя шчасця характарызуецца дастаткова высокай ступенню “семіятычнай насычанасці”: яна перадаецца вялікай колькасцю сінонімаў, фальклорных і мастацкіх вобразаў.
Шчасце заўсёды праяўляецца ў радасці. Радасць і шчасце як душэўныя станы вельмі блізкія. Аднак шчасце не проста эмацыянальна больш насычаная і расцягнутая ў часе радасць. У шчасці знаходзіцца ўсведамленне годнасці жыцця. Радасць заўсёды эмацыянальная, а шчасце можа быць і стрыманым.
У шчасці чалавек быццам бы бесклапотны. Ён не адчувае занепакоенасці, бо ставіць сябе вышэй за пераменлівыя акалічнасці. Шчаслівы чалавек не баіцца страціць таго, чым валодае, бо бачыць сваё багацце не ў знешніх абставінах, а ва ўнутраным спакоі і ўзвышанасці духу.
Такім чынам, амаль усе тэорыі псіхалогіі і этыкі сцвярджаюць думку пра тое, што шчасце як катэгорыя эмоцый суадносіцца і мяжуе з супрацьлеглай катэгорыяй няшчасця і пакут. Фактычна само існаванне шчасця абумоўлена яго катэгорыяй - антыподам. Такую думку не раздзяляе толькі філасофія, якая ўспрымае шчасце як гранічна высокую, недасягальную катэгорыю, якая не мае супрацьпастаўлення. Трэба таксама адзначыць, што даследчыкі, ставячы паняцці “шчасце, радасць” у адзін сінанімічны рад, усё-такі размяжоўваюць іх паводле адценняў значэнняў.
ВЫВАДЫ
Падагульняючы вынікі папярэдняга раздзела, трэба зазначыць, што лінгвакультурны канцэпт уяўляецца семантычным утварэннем высокай ступені абстрактнасці, якое перадае ўяўленне пра тыя сэнсы, якімі аперыруе чалавек у працэсе мыслення і якія адлюстроўваюць змест вопыту, ведаў і вынікаў усёй чалавечай дзейнасці і працэсаў пазнання свету.
Сувязь канцэпту з вербальнымі сродкамі выражэння адзначаецца ва ўсіх лінгвакультуралагічных азначэннях, а многія вучоныя прадстаўніцтва канцэпту ў мове прыпісваюць слову, а само слова, на іх думку, атрымлівае статус імя канцэпту – моўнага знака, які перадае змест паняцця найбольш поўна і адэкватна. Аднак канцэпт, як правіла, суадносіцца больш чым з адной лексічнай адзінкай. Таму адметнасцю канцэпту з’яўляецца яго суаднесенасць з планам выражэння ўсёй сукупнасці разнародных сінанімічных (уласна лексічных, фразеалагічных і афарыстычных) сродкаў, якія фіксуюць яго ў мове.
З усіх вядомых нам азначэнняў мы аддаём перавагу варыянту, прапанаванага прафесарам Маславай В.А. Адпаведна канцэпт - аператыўная змястоўная адзінка памяці, ментальнага лексікону, канцэптуальнай сістэмы мовы і мозга, усёй карціны свету, адлюстраванага ў чалавечай псіхіцы.
Аналіз прыведзеных у лексікаграфічных працах значэнняў дадзенага слова дае магчымасць зрабіць заключэнне пра тое, што шчасце ўспрымаецца як пачуццё найвялікшай радасці і задавальнення, пры якім удала складваюцца жыццёвыя абставіны. Шчасцем варта таксама называць задаволенасць чалавека сваім уласным жыццём, гармонію яго з прыродай, соцыумам.
Сэнсавымі замяшчальнікамі шчасця выступаюць таксама адзінкі ўдача, поспех, лёс, доля, дабро, шанцаванне.
Амаль усе тэорыі псіхалогіі і этыкі сцвярджаюць думку пра тое, што шчасце як катэгорыя эмоцый суадносіцца і мяжуе з супрацьлеглай катэгорыяй няшчасця і пакут. Фактычна само існаванне шчасця абумоўлена яго катэгорыяй – антыподам. Такую думку не раздзяляе толькі філасофія, якая ўспрымае шчасце як гранічна высокую, недасягальную катэгорыю, якая не мае супрацьпастаўлення. Шчасце заўсёды праяўляецца ў радасці. Аднак шчасце не проста эмацыянальна больш насычаная і расцягнутая ў часе радасць. Трэба таксама адзначыць, што даследчыкі, ставячы паняцці “шчасце, радасць” у адзін сінанімічны рад, размяжоўваюць іх паводле адценняў значэнняў.
II. Сінтагматычныя палі намінацый шчасця
2.1 Спалучальнасць лексем шчасце, доля, лёс, радасць з дзеясловамі
З назоўнікамі шчасце, доля, радасць, лёс спалучаюцца дзеясловы розных семантычных груп:
1. Найбольш прадуктыўную ў колькасных адносінах групу (26% ад агульнай колькасці словазлучэнняў з дзеясловамі) складаюць адзінкі з дзеясловамі часу, якія з улікам граматычнага афармлення падзяляюцца на:
а) cловазлучэнні з дзеясловамі прошлага часу:
Многа шчасця мела (Бар.; 85);
Не было шчасця (Бар.; 18);
Шчаслівейшы быў учора (Мац.; 231);
Была няшчаснаю (Карж.; 152);
Шчасліваю ці была (Бар.; 78);
Ужо не помніла дзён сваіх шчаслівых (Бар.; 166);
Маё шчасце сталася (Акс.; 86);
За плячыма мела трохі шчасця (Ян.; 89);
Вяршыліся няшчасці (Дудз.; 41);
Колькі шчасця было і прайшло (Дар.; 7);
Была я нешчаслівай (Бар.; 118).
б) словазлучэнні з дзеясловамі цяперашняга часу:
Ведаю шчасце (Кан.; 91);
Жыве мо і шчасліва (Дудз.; 99);
Не маю шчасця (Лось; 124);
Шчаслівая хаджу (Бар.; 90);
Шчасцем жыву (Лось; 75);
в) словазлучэнні з дзеясловамі будучага часу:
Пабуду шчаслівай (Бар.; 115);
Хачу шчаслівай пабыць (Кан.; 107);
Будзе радасць (Ян.; 276);
Няхай будзе шчаслівы (Бурл.; 88);
Сустрэнеш у нас ты шчасце (Багд.; 12);
Шчасным будзь (Ян.; 231);
Буду доўга шчаслівай (Ян.; 41);
Ці будзе рады (Мац.; 235);
Прыйдзе шчасце (Карж.; 52).
2. Вялікую групу (15% ад агульнай колькасці) складаюць словазлучэнні назоўнікаў шчасце, лёс, доля, радасць з дзеясловамі волевыяўлення і пажаданасці:
Хацелася шчасця зямнога (Гудк.; 4);
Марыць толькі аб шчасці (Карж.; 6);
Я да шчасця імкнуся (Карж.; 63);
На шчасце нам варожаць (Дудз.; 60);
Нашага шчасця не зычыць нікому (Дудз.; 16);
Шчаслівым уяўляю сына (Гудк.; 169);
Малюся на лёс (Ян.; 70);
Хачу шчаслівай быць (Кан.; 107);
Не просіш шчасця (Ян.; 75);
Наклічу радасць выпадкова (Ян.; 72);
Знайсці падкову шчасця заклінала (Лось; 65);
Варожыць пра шчасце (Ян.; 84);
Ніхто нам шчасных дзён не навяшчуе (Ян.; 217);
Малілася долі (Ян.; 189);
Яна шчасце сваё ўявіла (Ян.; 44);
Мне шчасця хацеў (Ян.; 274);
Шчасця жадаюць (Карж.; 16);
Заклінаць, каб абмінуў непапраўны лёс (Б.-Загн.; 197);
Долі просяць (Бар.; 115);
У марах да шчасця імкнеце душы (Багд.; 11);
Няхай ён будзе шчаслівы (Бул.; 88);
Кожны сам сабе няшчасце напрарочыць (Дар.; 10);
Ты жадаеш шчасця ў каханні (Рус.; 40).
Пераважная колькасць дзеясловаў волевыяўлення ў семантычным акружэнні канцэпту шчасце можа сведчыць пра значнасць для чалавека гэтага паняцця, пастаяннае імкненне да шчасця.
3. Групу адзінак, у якіх лексемы шчасце, лёс, доля, радасць з’яўляюцца залежным кампанентам, прадстаўляюць словазлучэнні з дзеясловамі, што маюць значэнне ‘паўплываць, уздзейнічаць пэўным чынам’ відазмяняюць базавае паняцце або ўтрымліваюць указанне на немагчымасць зрабіць гэта:
Перайначыць лёс (Ян.; 13);
Забіраць радасць (Ян.; 75);
Чужога шчасця не выкрасці (Рус.; 31);
Долю здабылі (Роўда; 3);
Саткаць долю (Ян.; 136);
Імкнешся долю ўзварушыць (Лось; 74);
Шчасце адабраць (Багд.; 16);
Дзяліць шчасце (Сад.; 5);
Долі не размяняць (Ян.; 144);
Шчасця не ўкрасці (Карж.; 33);
Не парушыць шчасця (Ян.; 256);
Дапаможа ў шчасці (Бар.; 52);
Абменьвацца лёсамі (Ян.; 229);
Долі не абхітрыць (Ян.; 254);
Спудзіць радасць (Мац.; 234);
Кінуць лёс на лязо нажа (Б.-Загн.; 198);
Забіць шчасце (Гудк.; 123).
Такія словазлучэнні ўказваюць на актыўную пазіцыю чалавека, які адчувае сябе здольным уплываць на падзеі, мадэляваць сваё жыццё.
4. Дзеясловы зрокавага ўспрымання выступаюць у якасці галоўнага кампанента ў наступных словазлучэннях:
Шчасліва глядзець з-пад павек (Багд.; 32);
Шчасліва разглядаю (Ян.; 157);
На сябе, шчаслівую, гляджу (Бар.; 590);
Шчасліва перамільгваюцца (Тваран.; 72);
Шчасна азірнецца (Дудз.; 87);
Долю ўбачыць (Лось; 81);
Мімаходзь азірнуся на ўдачу (Ян.; 33).
5. Дзеясловы фізічнага дзеяння могуць выступаць як галоўныя кампаненты ў словазлучэннях з лексемамі шчасце, лёс, доля, радасць:
Не кінуся шчасце шукаць (Ян.; 186);
Упляліся ў лёс (Ян.; 111);
Радасць лёгка спудзіць (Рубл.; 16);
Шчасце не займала (Ян.; 65);
Радасць хаваю (Дудз.; 92);
Шукаю шчасце (Гудк.; 56).
6. Мадэль, у аснове якой – дзеяслоў са значэннем фізіялагічнага стану, прадстаўлена наступнымі словазлучэннямі:
Млела ад шчасця (Ян.; 34);
Шчаслівец не ўчуе (Тваран.; 136);
Шчаслівейшай між паэтак прачнусь (Рус.; 59);
Жыць адзіным шчасцем і каханнем (Дудз.; 12);
Заплачу па шчаслівых і няшчасных (Дар.; 8).
7. Лексемы шчасце, лёс, доля, радасць могуць спалучацца з дзеясловамі, якія маюць значэнне ‘прыкладаць намаганні для дасягнення мэты’:
Да слёз хачу шчаслівай быць (Карж.; 56);
Займеў удачу (Карж.; 37);
Не зайздросціла шчасцю чужому (Гудк.; 78);
Нчасце набыць (Гудк.; 86);
Шчасця прагне (Б.-Загн.; 75);
Шчасце-долю здабылі (Роўда; 3).
8. Адносна невялікую групу (5% ад агульнай колькасці) складаюць словазлучэнні з дзеясловамі маўлення:
Зваліся “шчасцем” (Сом; 70);
Скажу: “Шчасліва!” (Бар.; 25);
Знайсці падкову шчасця заклінала (Лось; 65);
Змагу сказаць шчасліва (Бар.; 110);
Крычалі пра шчасце (Рубл.; 111);
Пра лёс з ёй размаўляю (Ян.; 173);
Душа ад радасці пяе (Лось; 139);
Празваны нешчаслівым (Лось; 133).
Сярод гэтых прыкладаў частотная група словазлучэнняў з дзеясловамі маўлення са значэннем ‘дзякаваць, быць удзячным’:
Удзячыць лёсу за міг жыцця (Ян.; 75);
Дзякую лёсу (Ян.; 20);
Дык дзякую за радасць хвілін (Лось; 37);
Хай струны дзён уславяць лёс пяра (Карж.; 48).
9. Для абазначэння канкрэтнага фізічнага дзеяння ў словазлучэннях, дзелексемы шчасце, лёс, доля, радасць выступаюць як суб’екты дзеяння, выкарыстоўваюцца дзеясловы руху:
Прабілася шчасце (Ян.; 222);
Даў талент лёс (Багд.; 26);
Спаслаў лёс (Ян.; 256);
Пацячэ шчасце (Шкурдзь; 68);
Шчасце прыбегла (Багд.; 36);
Шчасце слізгаецца, падае (Карж.; 62);
Выпырхне ўдача (Ян.; 109);
дзеясловы фізіялагічнага стану:
Няшчасце лягло (Карж.; 32);
Шчасце і гора жывуць (Багд.; 53);
Усміхалася шчасцейка (Б.-Загн.;28);
Шчасце плача (Бар.; 69);
Задрамала шчасце (Рубл.; 100);
дзеясловы фізічнага дзеяння і ўздзеяння:
Лёс перамог (Б.-Загн.; 203);
Лёс кіруе мною (Карж.; 140);
Адбіўся лёс (Ян.; 169);
Лёс коней запрог (Б.-Загн. 200);
Выпаў лёс (Ян.; 216);
Паставіў кропку лёс (Ян.; 70);
Лёс падарыў (Ян.; 32);
Шчасце можа ашукаць (Ян.; 215);
Вяршыліся няшчасці (Дудз.; 41);
Доля пакоры не дала (Карж.; 23);
Змрок расхінае доля (Мац.; 231);
Доля нас вітала (Мац.; 230);
Мажлівасць нам доля дала (Карж.; 90);
Доля сцежкі не мыляе (Ян.; 137);
Паслужыць шчасце (Ян.; 240).
Характэрныя адзінкі з дзеясловамі, што абазначаюць дзеянне, якое хутка працякае ў часе, імгненнае (выбухне лёс (Ян.; 106), выпаў лёс (Ян.; 91), адбіўся лёс (Ян.; 169), выпырхне ўдача (Ян.; 109). Словазлучэнні з дзеясловамі, у якіх лексемы шчасце, лёс, доля, радасць выступаюць як суб’екты дзеяння, складаюць 19 % ад агульнай колькасці прыкладаў з дзеясловамі.
Спецыфікай вылучаецца група дзеепрыслоўных і дзеепрыметнікавых словазлучэнняў. Дзеепрыслоўе ў такіх словазлучэннях паказвае на дадатковае дзеянне, якое адбываецца адначасова з асноўным (шчасце прыбегла, запыхаўшыся (Багд.; 36). Дзеепрыслоўе з залежным словам можа паказваць на ўмову, пры якой адбываецца дзеянне (шчаслівы ці будзе ён, пакінуўшы Зямлю (Мац.; 234), або мэтанакіраванае дзеянне (долі сівой не тоячы (Б.-Загн.; 196).
У дзеепрыметнікавых словазлучэннях разгледжаныя лексемы могуць выступаць як актыўныя суб’екты (абдзеленыя шчасцем (Дудз.; 108), доляю адпеты) або як аб’екты дзеяння: споўненая доля (Карж.; 145), скошаны лёс (Ян.; 209), лёс захапляючы (Карж.; 149), шчасце маё ашуканае (Бар.; 69).
Такім чынам, лексемы лёс, доля, шчасце, радасць частотна спалучаюцца з дзеясловамі цяперашняга, будучага і прошлага часу. Часцей за ўсё прадстаўлены словазлучэнні з дзеясловамі прошлага і будучага часу, што сведчыць пра магчымасць усведамлення чалавекам свайго мінулага эмацыянальнага стану або пра жаданне перажываць гэты стан у будучым. Толькі ¼ словазлучэнняў з дзеясловамі часу прадстаўлена формамі цяперашняга часу, што гаворыць пра немагчымасць чалавека спасцігаць, асэнсоўваць сваё шчасце непасрэдна ў момант яго наяўнасці.
Лексемы лёс, доля, шчасце могуць выступаць як аб’ект (81% ад агульнай колькасці) або як суб’ект дзеяння (19%). Такі факт пацвярджае думку пра тое, што лёс можа ўплываць на чалавека, але і чалавек сам можа мадэляваць сваё жыццё.
2.2 Спалучальнасць лексем шчасце, доля, лёс, радасць з прыметнікамі
Пры аналізе вылучанай мадэлі прымалася пад увагу метафарызаванае значэнне адзінак. Гэта дазволіла выдзеліць сярод прыметнікаў адпаведныя лексіка-семантычныя групы:
1. Вылучаецца група словазлучэнняў з прыметнікамі, якія ўказваюць на дэталізацыю шчасця:
Лёс асабісты (Ян.; 131);
Прыватны лёс (Карж.; 71);
Чужое шчасце (Гудк.; 78);
Песенная доля (Ян.; 255);
Наша агульная доля (Карж.; 87);
Лёс вясковы (Ян.; 29).
Трэба заўважыць, што прыналежныя прыметнікі спалучаюцца з лексемамі доля і лёс, а з лексемай шчасце амаль не ўжываюцца. Гэта пацвярджае думку, што першыя ўспрымаюцца як дадзенае, вызначанае, а значыць, належаць самому чалавеку або іншай істоце. Шчасце ж успрымаецца як стан, унутранае перажыванне чалавека.
2. Частотна ў паэтычных творах разгледжаныя лексемы надзяляюцца здольнасцю перадаваць эмоцыі, што ілюструецца ў словазлучэннях з прыметнікамі, якія абазначаюць псіха-эмацыянальны стан:
Нястомны дзень і лёс (Ян.; 126);
Злы лёс (Ян.; 135);
Спакойнае шчасце (Рус.; 45);
Зманлівае шчасце (Гудк.; 56);
Непрыкаянны лёс (Ян.; 222);
Маладое шчасце (Бар.; 39);
Сталае шчасце (Карж.; 23);
Бяссонная радасць (Ян.; 92);
Гордае шчасцейка (Ян.; 157);
Сумнае шчасце (Дан.; 43);
Наіўнае шчасце (Дудз.; 92);
Нескваплівы лёс (Ян.; 140).
Трэба адзначыць, што наяўнасць у лексічным акружэнні канцэпту шчасце слоў, што абазначаюць рысы спецыфічна чалавечыя, гаворыць пра паэтызацыю шчасця, яго адухаўленне.
3. Словазлучэнні з прыметнікамі і дзеепрыметнікамі са значэннем працягласці ў часе, аддаленасці:
Далёкае шчасце давядзецца ўспамінаць (Дан.; 43);
Даўняе шчасце (Дудз.; 151);
Нязбытнае шчасце (Дудз.; 133);
Вечнае шчасце (Бул.; 28);
Шчасце, што адкладзена на потым (Дудз.; 151);
Буду доўга шчаслівай (Ян.; 41).
У гэтай групе мэтазгодна вылучыць словазлучэнні з прыметнікамі, якія паказваюць хуткаплынны, зменлівы характар шчасця: кароткае шчасце, як ноч на Купалу (Кан.; 103), кароткае лета, як шчасце (Дар.; 18), кароткі, як шчасце (Ян.; 7).
4. Вылучаюцца словазлучэнні, у склад якіх уваходзяць прыметнікі, што выражаюць эмацыянальныя адносіны чалавека да шчасця. Словазлучэнні, якія складаюць гэтую групу, выразна падзяляюцца на адзінкі станоўчай:
Дабрабытнейшае шчасце (Рубл.;99);
Безмяцежнае шчасце (Ьар.; 58);
Шчасны лёс (Б.-Загн.; 202);
Вялікае шчасце (Дудз.; 94);
Запаветны лёс (Ян.; 70)
і адмоўнай ацэнкі:
Балесны лёс (Ян.; 111);
Лёс горкі (Карж.; 149);
Непрыгожае шчасце (Багд.; 36);
Высакосны лёс (Ян.; 67);
Горкая ўдача (Ян.; 13);
Трывожнае шчасце (Бар.; 39);
Драматычны лёс (Ян.; 37);
Непапраўны лёс (Б.-Загн.; 197);
Зманлівае шчасце (Гудк.; 56);
Жорсткае шчасце (Ян.; 32).
5. Словазлучэнні з прыметнікамі, якія паказваюць на ступень праяўлення якасці:
Вялікае шчасце (Рубл.; 99);
Высокі лёс (Ян.; 258);
Поўнае шчасце (Бар.; 90);
Пранізлівае шчасце (Сільн.; 35).
Аналіз прыкладаў сведчыць: у адносінах да лексемы шчасце пераважна выкарыстоўваецца характарыстыка гранічна высокай ступені яго праяўлення. Мажліва, гэты факт сведчыць пра жаданне аўтараў узмацніць значэнне гэтага слова.
6. Вылучаецца група адзінак, дзе шчасце, лёс, радасць здольныя спалучацца з прыметнікамі, якія абазначаюць смакавыя (плачу за горкую ўдачу (Ян.; 256), шчасце здалося посным (Карж.; 106), лёс горкі (Карж.; 149), шчасліва-горкае сэрца) і колеравыя паняцці (кветкі шчасліва-белыя (Ян.; 265), вогненнае шчасце (Ян.; 209), святлістая доля (Мац.; 231), лёс прамяністы (Лось; 26), доля сівая (Б.-Загн.; 196).
7. Аўтарскія, індывідуальныя якасці-прыметы канцэпту шчасця перадаюцца праз словазлучэнні:
Шчасце трапяткое (Дар.; 29);
Чыстае шчасце (Карж.; 75);
Глыбінны лёс (Ян.; 169);
Павуціннае шчасце (Рубл.; 100);
Крохкае шчасце (Ян.; 70);
Дрогкая радасць (Ян.; 92);
Пранізлівае шчасце (Сільн.; 35).
Трэба заўважыць, што названыя аўтарскія прыметы вылучаюцца сваім падабенствам: маюць агульнае значэнне ‘які лёгка крышыцца, ломкі, лёгкі, дрыгатлівы’. Аднак аўтарскія прыметы канцэпту шчасце выкарыстоўваюцца ў паэтычных творах параўнальна нячаста. Колькасць такіх адзінак складае 5% ад агульнай колькасці.
8. Акустычныя характарыстыкі праяўляюцца праз словазлучэнні з прыметнікамі, што маюць значэнне ‘нягучны, ціхі’: ціха-шчаслівы (Ян.; 256), ціхае шчасце (Гудк.; 68).
Такім чынам, можна адзначыць здольнасць лексемы шчасце спалучацца з прыметнікамі ўсіх разрадаў (якаснымі, адноснымі і прыналежнымі). У колькасных адносінах на якасныя прыметнікі, што спалучаюцца з лексемай “шчасце”, пры
Категории:
- Астрономии
- Банковскому делу
- ОБЖ
- Биологии
- Бухучету и аудиту
- Военному делу
- Географии
- Праву
- Гражданскому праву
- Иностранным языкам
- Истории
- Коммуникации и связи
- Информатике
- Культурологии
- Литературе
- Маркетингу
- Математике
- Медицине
- Международным отношениям
- Менеджменту
- Педагогике
- Политологии
- Психологии
- Радиоэлектронике
- Религии и мифологии
- Сельскому хозяйству
- Социологии
- Строительству
- Технике
- Транспорту
- Туризму
- Физике
- Физкультуре
- Философии
- Химии
- Экологии
- Экономике
- Кулинарии
Подобное:
- Картина мира и художественные особенности романа Ши Найаня "Речные заводи"
I. Исторический фон действия романаII. Картина мира в романе «Речные заводи»2.1 Содержание и характеристика романа2.2 Картина мираIII. Худож
- Литературный язык
Литературный язык в своей основе — язык общенародный, обработанный и творчески обогащенный мастерами слова, поэтому его необходимо р
- Литературоведение и наука
Литературоведение и наукаКак-то так получается, что вызывающие жаркие споры знаменитые произведения содержат такое количество против
- Літературний образ Запорозької Січі
ЗмістВступ1. Польські хроніки та описи Січі, зроблені іноземними мандрівниками2. Поетичні твори та українські літописи3. Розквіт козац
- Кольоропозначальна лексика, використовувана Оскаром Уайльдом у романі "Портрет Доріана Грея"
ЗмістВступРозділ І Функція кольору у художній творчості1.1 Естетизм Оскара Уайльда1.2 Колір як об'єкт розгляду лінгвістичних дисциплін1.
- Комплексны аналіз публіцыстычных твораў С. Буднага
План1. Уводзіны1.1 Агляд літаратурных прац па тэме даследавання1.2 Мэты і задачы курсавой працы2. Сымон Будны як грамадска-палітычны дзея
- Любовная лирика в творчестве С. Есенина
Сергей Александрович Есенин прожил короткую жизнь, трагически оборвавшуюся в тридцать лет, эта жизнь была эмоционально насыщена и инт